Віртуальны музей пісьменніка-земляка
Франца Іванавіча Сіўко
2-я ЗАЛА “Творчая прастора”
УСТУП
За пяро Франц Сіўко ўзяўся пад псеўданімам Францішак Анашка. Для самых маленькіх, якія толькі вучацца чытаць і пісаць, менавіта пад гэтым псеўданімам надрукаваў ён свае першыя казкі.

Дэбютаваў Ф. І. Сіўко ў “Маладосці” трыма апавяданнямі: “Сярдзіты”, “Векавуха”, “Сюжэт”. З першых друкаваных апавяданняў бачна, што пісьменнік умее будаваць дыялог, што яго больш за ўсё цікавяць маральна-этычныя праблемы. У цэнтры ўвагі аўтара – людзі маладога ўзросту, нашы сучаснікі, іх погляды на жыццё і ўзаемаадносіны.

Сталую літаратурную працу Франц Іванавіч пачаў у 1983 годзе. Яго першая кніга прозы “З чым прыйдзеш” прысвечана маці Стэфаніі Іосіфаўне. Уладзімір Дамашэвіч пісаў: “Манера пісьма Ф. Сіўко, можна сказаць, традыцыйная, нібы ён працягвае няскончаную некім песню, але голас у яго свой, адметны, непадобны на іншыя."

У 1997 годзе выходзіць зборнік дэтэктыўных аповесцей Франца Іванавіча “Апошняе падарожжа ў краіну ліваў”. Усё, што з’яўляецца з-пад яго пяра, пазначана высокай мастацкасцю, глыбокім псіхалагізмам, а перадусім гэта - арыгінальныя сюжэты, нечаканыя павароты ў лёсах персанажаў, якія самі па сабе людзі адметныя.

У 2001 годзе выходзіць у свет новая кніга Франца Іванавіча “Удог”, у якую ўвайшло 7 аповесцей і 6 апавяданняў і за якую ён быў уганараваны літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Караткевіча.
Фрагменты рукапісу і першага варыянта машынапісу прыпавесці "Удог" з аўтарскімі праўкамі
Франц Сіўко - аўтар шматлікіх літаратурна-мастацкіх публікацый у штотыднёвіках “Літаратура і мастацтва”, "Наша ніва", газеце "Новы час" ("Літаратурная Беларусь"), часопісах “Маладосць”, "Дзеяслоў", “Полымя”, “Беларусь”, “Нёман”, “ARCHE”, альманахах "Дзвіна", "Ратуша", "Фидиуаг" (Асеція), калектыўных зборніках "Карані", "Закаханы ў снягурку", "Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў", канфесійных выданнях “Наша вера”, “Ave Maria”, метадычных матэрыялаў "Гістарычныя ўмовы развіцця беларускай мовы", "Культура маўлення і дзелавыя зносіны спецыяліста" для студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцей, публіцыстычных артыкулаў па праблемах сучаснага жыцця ў перыядычных выданнях краіны.

На працягу шэрагу гадоў наш зямляк – член Віцебскай гарадской і абласной радаў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Лаўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес” за зборнік прозы “Плебейскія гульні”.

Імпрэза ўганаравання новага лаўрэата літаратурнай прэміі Ф. Сіўко адбылася ў маі 2015 года ў Віцебску. “Гліняны Вялес” – прэмія найноўшай Беларусі, заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам Вольных Літаратараў. Сярод яе лаўрэатаў – Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Андрэй Федарэнка і інш.