Віртуальны музей пісьменніка-земляка
Франца Іванавіча Сіўко
Ёсць у кожнага свой мілы куток, які з бегам гадоў не толькі не губляецца ў нетрах памяці, а, наадварот, становіцца яснейшым, бліжэйшым. Сярод іншых успамінаў ён - самы дарагі, самы шчымлівы.

Для празаіка, публіцыста Франца Іванавіча Сіўко такім запаветным месцам з’яўляецца Міёршчына. Тут, у вёсцы Вята, што на беразе Дзвіны, 3 мая 1953 года ён  нарадзіўся, вучыўся хадзіць, спазнаў пяшчоту матчыных рук.

“Там – хата, у якой нарадзіўся і дзе, як і пяцьдзясят год таму, тырчыць у адным з пакояў на маціцы крук для зыбкі, у якой люлялі мяне малога. Там, на закінутым, зарослым асіннікам котлішчы дзеда Юзафа спеюць яблыкі і агрэст і бруіць крынічка. Там спачываюць на могілках збоч капліцы найроднейшыя людзі - маці і яе бацькі, дзядзька. Там скрухаю поўніцца сэрца пры напаміне аб маладзенькім дзядзьку Юзю, што загінуў без вестак пад- час вайны. Там з высокага пагорка бачны на латвійскім баку падворак цёткі Яніны, а ніжэй па рацэ, недасяжнае для вока, уяўляецца жытло брата Генадзя”.

Дзіцячыя і юнацкія гады Франц Іванавіч правёў у в. Міжрэчча. 
Міжрэчча – вёска на паўночным захадзе Міёрскага раёна Віцебскай вобласці, якая ўзнікла ў пасляваенны час на месцы былой панскай сядзібы. Знаходзіцца за тры вярсты ад беларуска-латвійскай мяжы, паміж мястэчкамі Лявонпаль і Друя, на згібе прытока Дзвіны - рацэ Вятцы.

І па сённяшні дзень візітная картка Міжрэчча – срэбналістыя таполі і вадаспад. Яшчэ ў пазамінулым стагоддзі на Вяце пабудавалі млын і кардонную фабрыку. У 50-60-я гады, за савецкім часам, на іх месцы пабегла вада праз плаціну невялікай гідраэлектрастанцыі, якая абслугоўвала райцэнтр. Да гэтага часу захаваліся рэшткі гідратэхнічных збудаванняў і вадаспад на плаціне.
Першы вядомы ўспамін пра Міжрэчча (пад назвай Дуброўка) адносіцца да 16-га ст. Належала роду Сапегаў, пазней - сямействам Валасоўскіх, Мірскіх, Аскеркаў. 

Бацькі Ф. Сіўко пераехалі з прыгранічнай вёскі Вята ў Міжрэчча, калі будучаму пісьменніку споўніўся толькі год. І першым іх часовым прыстанкам стаў сядзібны дом, які тады называлі пакоямі. Гэта было штосьці накшталт інтэрната: усе пакоі верхняга драўлянага паверха будынка былі занятыя сем’ямі ці адзінокімі людзьмі. 

“…Так пачалося маё міжрэчанскае жыццё – у акружэнні пабудоў і прадметаў унікальнага ўзору сядзібнай архітэктуры 17 стагоддзя. Двухпавярховы будынак з калонамі з абчасанага каменю, з абстаўленымі дзівоснай мэбляй пакоямі, з выкладзенымі цудоўнаю кафляю печамі, склепам і вялікай колькасцю гаспадарчых пабудоў. Доўгія хлявы і аборы ўздоўж змеепадобнай рэчкі Вяткі, купальня ў месцы з дзіўнай назвай Халуй, дубовыя, таполевыя, бэзавыя, язмінавыя ды арэхавыя алеі – усё гэта на паўтара дзясятка гадоў стала фонам забаў, гульняў, юнацкага жыцця.
А калі “забавы мясцовага значэння” надакучвалі, мы ішлі вудзіць акунёў, лавіць ракаў да  млына (раней - кардонная фабрыка) ва Устшэжы, ці на руіны Прудніцкага гарадзішча 12 стагоддзя з каменным крыжам ля падножжа, ці на Дзвіну з яе пясчанымі астраўкамі ўздоўж лодачнай пераправы на латвійскі бераг і з выглядам на зруйнаваную ў
час вайны вежу драўлянай капліцы са звонам…”

Вучыўся Франц Сіўко ў Міжрэчанскай пачатковай школе. 

“Калісьці, класе ў чацвёртым, неўтаймоўная наша Марыя Мікалаеўна Пупіна павяла ў вандроўку да мясціны, дзе Вятка ўпадае ў Дзвіну, і там пабачылі кладачку. Несамавітая драўляная пабудова так урэзалася ў памяць, што пасля колькі дзесяцігоддзяў нагадвала пра сябе ў снах”.

Далейшае навучанне праходзіла ў Павяцкай сярэдняй школе, якую юнак скончыў у 1970 годзе.

У 1975 годзе Франц Сіўко атрымлівае дыплом аб вышэйшай адукацыі на філфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і пачынае працаваць выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 2 г. Верхнядзвінска, пазней - выкладчыкам мовы і літаратуры ў сярэдніх школах №№29, 30, 12 г. Віцебска.

Франц Іванавіч прызнаецца, што ніколі не пісаў пра школу, хаця лічыць педагогіку, нароўні з літаратурным заняткам, сваім прызваннем.


“Урокі беларускай мовы ў гарадскіх школах ужо колькі гадоў нагадваюць па форме факультатыўныя заняткі для жадаючых. І калі яшчэ методыка і змест выкладання прадмета нейкім чынам кантралююцца аддзеламі адукацыі, то справа вызвалення вучняў ад вывучэння мовы ў 3-4 класах даўно, здаецца, перастала ўваходзіць у іх кампетэнцыю”, - піша Ф. Сіўко ў змешчаным 19 верасня 1986 г. у ЛіМе лісце “Прашу вызваліць”, які атрымаў шырокі розгалас у тагачасным грамадстве і стаў своеасаблівым пунктам адліку ў справе перагляду стаўлення дзяржавы да мовы тытульнай нацыі”.

Праца карэспандэнтам-арганізатарам у сістэме Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў, стыльрэдактарам у газеце, выкладчыкам курса прафесійнай лексікі беларускай мовы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце, карэктарам ва ўніверсітэцкім выдавецтве – усё гэта невялікая частка жыццёвага лёсу пісьменніка.

З 1999 па 2009 год Ф. Сіўко – старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, у склад якога тады ўваходзілі 28 чалавек. (Падрабязныя звесткі пра літаратараў вобласці таго часу можна знайсці ў складзеным Ф. Сіўко і выдадзеным у 2001 г. даведніку “Пісьменнікі Віцебшчыны”.)

Прага да вывучэння гісторыі і культуры іншых этнасаў народаў прыводзіць Франца Сіўко ў Рым, дзе ў 1995 г. ён набывае веды ў Летнім ўніверсітэце польскай культуры.

“Нехта з вядомых людзей сказаў, што гісторыя любога народа – у значнай ступені не гэтак аб’ектыўныя факты, колькі факты, пра якія асобныя прадстаўнікі гэтага народа ў свой час здагадаліся паведаміць свету. Гэта не значыць, вядома, што гісторыю можна фальсіфікаваць ці падганяць пад уласны густ. Але ж і грэбаваць ёю недаравальна. Або знеслаўляць ва ўгоду дужэйшаму. І тым больш таптаць і мяняць ледзь не штодня матэрыялізаваныя яе прыкметы-сімвалы. Гісторыя гэткай вольнасці не даруе. Каму б ужо, як не нам, беларусам, з нашым Чарнобылем ды іншаю пошасцю, нарэшце, гэта зразумець”.
1-я ЗАЛА “Мой род, мае карані”
Чалавек нараджаецца жыць,
І над лёсам яго хтосьці шчодры  
Запальвае зорку…
В. Ярац
.
УСТУП